Як быццам рот зашыў народ…

Нейк сацыёлаг незалежны
На вуліцах распытваў люд,
Які настрой, ці ўлежна-ўежна,
І як яму жывецца тут.

Народ звычайны, паспаліты
Не праяўляў чамусь імпэт
І «пасылаў» яго:
-Ідзі ты!…
На працу мне спяшацца след.

Як ні ўвіхаўся сацыёлаг,
Усё без выніку, дарма.
Ні ў хлопцаў, ні ў кабет дзябёлых
Жадання штось сказаць няма.

Аднак жа не знікае прага
Дабіцца думкі хоць якой.
І вось убачыў: рабацяга
Ідзе з заводскай прахадной.

Змарнелы, чорны, нібы ў сажы…
І радасна падумаў ён:
«Ну, гэты праўду-матку скажа,
Бо то ж, як кажуць, гегемон!»

Падскочыў ён ва ўзнеслым стане,
Бы метэор які, бадай:
-Ці можна вам задаць пытанні?
Сказаў рабочы:
-Ну задай…

-Якое стаўленне да ўлады?
Ці да спадобы прэзідэнт?
І «скіс» ад грознага пагляду:
-А ты часінаю не мент?

-Ды як падумаць жа маглі вы?
Які мне сэнс тут гнаць імжу?
-Пакуль тваёй не убачу ксівы,
Зусім нічога не скажу.

-Вось, калі ласка,- навукоўца
З кішэні «ксіву» дастае.
-Дык скажыце пра ўладу слоўца?
Вось вы ці любіце яе?

-У нас, прынамсі, любяць дзевак.
Улада ж наша — як паўсюль…
-На прэзідэнта шмат спадзевак?
-Як і паўсюль, трымае руль…

-А можа вам ён надакучыў?
Кіруе вамі гэтак шмат!
Ды і парламенту- да кучы-
Магчыма, трэба даць пад зад?

-Не знаю…Мне нямашка справы…
Каму патрэбен голас мой?
-А вам не крыўдна, што ў дзяржавы
Ганебны імідж за мяжой?

У вас, там лічаць, дыктатура
Усталявалася даўно.
Пагляд у «гегемона» хмуры:
-Не ведаю…Мне ўсё адно…

-Ну, добра…Вашыя нацдэмы
За плошчу гнобяцца ў турме.
Якое стаўленне да тэмы?
-Ніякае… Мне не наўме…

-А што «наўме»? Заробак? Праца?
Улада ж у апошні час,
Калі належна разабрацца,
Як ліпку, абабрала вас…

-Ды адчапіся! Я пра тое
Табе нічога не скажу…
-Мы льём з парожняга ў пустое!
А можа з’ехаць за мяжу?

Там плацяць еўра і даляры,
Калі увіхаешся як след.
Там збудуцца надзеі-мары!
-Я не скажу табе… Сакрэт…

-Тады хоць адкажыце шчыра,
Які ў вас звыклы рацыён?
-А знаць нашто табе, праныра?-
Няўцямна буркнуў «гегемон».

-Ну што ж… А як сям’я, як дзеці?
У іх ці радасны настрой?
-Што дзеці? Як і ўсюды ў свеце…
Смяюцца… Сумныя парой…

Ды з вас не выцадзіш і слова!
Ці ёсць хоць галава свая?
-Сказаць і гэта не гатовы…
Магчыма, што і я- не я…

Так даўся навукоўцу ў косці
Вось гэты маналог пусты,
Што ён ад роспачы, ад злосці,
З рабочым перайшоў на «ты»:

-Дык хоць імя скажы… Хоць гэта!
Што ты калоцішся, як трус?
-Нашто табе? Якая мэта?
Пішы папросту: беларус…

Реклама

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход / Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход / Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход / Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход / Изменить )

Connecting to %s

%d такие блоггеры, как: